Па дарозе (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

Па дарозе

I

Зямля - як размах чалавечай радасцi - шырокая, бяскрайняя, здольная будзiць вялiкiя iмкненнi пачуццяў i думак. Адчуваецца яна цвёрдасцю пад нагамi i вострым пахам сваiм ад вiльгацi летняй ночы.

Цяжкiя хмары нiзка валакуцца над ёю i прабуюць сеяць на яе цёплую iмглу, а пасля адпоўзваюць на далёкую мяжу неба i поля i варушацца там дзiвоснымi абрысамi ў густой сваёй чарнаце.