На пыльнай дарозе (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

На пыльнай дарозе

Паабапал жвiрыстай дарогi калышыцца леташнi быльнiк, i веснавая шырыня вее над неабдымным полем. Неба сiняе, сонечнае; над дарогаю тонкi, як туман, падымаецца пыл- плыве вецер з-за сiнiх лясоў, i на дзернавых узмежках пры жоўтых каляiнах шумiць сухi палын... Моцна думаюць голыя яшчэ кусты, а за iмi, далей, пярэсцяцца колеры зямлi: зялёныя ўзгоркi, цiхiя лагчыны, рэдкiя чорныя палосы першай раллi i леташняя шэрань веснавой цалiны.

Вецер прынёс аднекуль сухi жмут аўсянай саломы, прыпёр да сухога быльнiкавага куста, растрасае патроху i разганяе па саломiне ў полi, салома звонка шалясцiць i навявае задуменасць вялiкай далечынi.

Моцна шумiць яшчэ нейкае зелле, перазiмаваўшае, падгнiўшае, цяпер сухое i шэрае. У яго галоўках захавалiся, мусiць, зярняты - маленькiя, порсткiя птушкi гаварлiвымi семямi прылятаюць i клююць iх.