Мураваны скляпок (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

Мураваны скляпок

Пра Тоню Базылькевiча прывыклi гаварыць, што ён можа варочаць горы. Вядома, гэта было перабольшванне справы. У гэтай мясцовасцi нават i гор нiякiх няма, шмат толькi лесу. Так што горы не горы, а бярвенне Тоня Базылькевiч мог сапраўды добра варочаць. За сваё жыццё ён бярвення папаварочваў i карчоў папакарчаваў. Як задумаў вымураваць сабе скляпок на бульбу, то нешта з год усё каменне на полi збiраў. Нават i вялiкiя камянi, якiя цяжка было i павярнуць, ён браў адзiн. Ён быў цягавiты i працавiты. Калi ехаў, бывала, на начлег з канём, то не садзiўся на каня конна, а запрагаў у драбiны, клаў салому, а наверх плуг цi барану. I пакуль была ноч i конь пасвiўся, ён спаў на возе, а як толькi займацца пачынала на дзень, ён ужо араў. Так што пакуль людзi павыязджаюць, бывала, на поле, Тоня Базылькевiч загон i ўзарэ.

Ён асiрацеў тады, калi яму было дваццаць год. Бацька i мацi памерлi ў адно лета. Тоня астаўся адзiн пасярод гаспадарскай няўладжанасцi: трэба было i скляпок дамураваць, i падвалiны ў хаце змянiць, i хляўчук новы паставiць. I ён яшчэ больш увайшоў у сваю бесперапынную цягавiтасць. Ён не ведаў светлай гадзiны, думаючы толькi пра тое, што, быць не можа, зробiць ён усё, што хоча i што надумаўся зрабiць, стане калi-небудзь i спаць, колькi трэба чалавеку, i на лепшым канi ездзiць.

Аднойчы, працiраючы ад пылу вочы i аблiваючыся потам ад гарачынi, ён вёз дадому каменне. На вулiцы стаяў натоўп.