Лiст Якуба Малькевiча (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

Лiст Якуба Малькевiча

На вулiцы стаялi людзi i гаварылi.

Варывон Вiлач, высозны, пануры, згарнуўшы на жываце рукi, разважаў:

- У нас, васпане, заўсёды робiцца гэтак: калi чалавека агорне бяда, калi чалавека прыцiсне, дык няма, каб яму паспагадалi. Будуць усе дакопвацца, а чаму, а як, а калi... Я не то што гавару, што от бо, канешне, хоць бы i гэты самы Хведар не вiнен. Я гэтага не кажу. Але нашто гаварыць, што ён ужо, васпане, гэтакi гад. Яшчэ невядома, ад чаго яна была памерла. Мала што ён сядзеў. Але патом выразна сведкамi гэтага не паказана. Хто гэта, васпане, бачыў! Можа, ён зусiм нявiнна пакутаваў два гады ў гэтым самым, васпане, допры.