Быльнiкавы межы (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

Быльнiкавы межы

I

Азалацiла восень поле ржышчам, дрэвы лiсцем, гумны снапамi; абвеяла хаты жытнiм пылам; вострым пахам кастрыцы напоўнiла вулiцу...

Кароткiмi днямi хутка пабегла жыццё ў вечнасць. Аднолькава яснымi нараджалiся яны, гэтыя днi, i такiмi ж гаслi, i на змену iм прыходзiлi доўгiя асеннiя ночы - то туманныя, то зорныя, з вострым халадком першых замаразкаў...